Quantcast
Channel: Партал педагагічнай прэсы »французская мова
Viewing all articles
Browse latest Browse all 2

Мова культуры і аналітыкі

$
0
0

Ні для каго не сакрэт, што роля французскай мовы як першай замежнай зніжаецца. Гэта значыць, што дзяцей, якія выбіраюць французскую як першую замежную мову становіцца менш. Гэта тычыцца і тых школ, у якіх англійская ўводзіцца як першая замежная мова і суіснуе з французскай на канкурэнтнай аснове.

Мова культуры і аналітыкіАпошнім часам усё часцей сустракаюцца бацькі, якія не жадаюць, каб іх дзеці вывучалі французскую мову, што не можа радаваць выкладчыкаў, якія разважаюць над тым, як заахвоціць бацькоў і іх дзяцей да вывучэння мовы. Але няправільна думаць, што ў французскай зусім не засталося шансаў. Французская мова — гэта міжнародная мова кулінарыі, моды, тэатра, выяўленчага мастацтва, балета і архітэктуры. А значыць, ёсць прычыны для яе вывучэння.

У сённяшнім свеце размаўляць на адной замежнай мове недастаткова. Навучэнец, які ведае некалькі моў, павялічвае свае шансы на рынку працы ў роднай краіне і на міжнародным узроўні. Вывучаць іншую мову — гэта набываць дадатковае багацце, адкрываць сабе новыя гарызонты, асабістыя і прафесійныя.

Больш за 200 млн чалавек размаўляе на французскай мове на пяці кантынентах свету. Французская мова — гэта мова міжнародных зносін. Гэта замежная мова, якая найбольш шырока вывучаецца (пасля англійскай), і другая замежная мова, якая часцей (пасля англійскай) выкладаецца ў свеце і на ўсіх кантынентах. Франкафонія аб’ядноўвае 68 дзяржаў і ўрадаў. Францыя, нарэшце, мае вельмі вялікую сетку культурных устаноў за мяжой, дзе арганізаваны курсы французскай мовы больш чым для 750 тысяч чалавек.

Французская мова часта разглядаецца як мова культуры. Увесь курс мовы суправаджаецца культурным падарожжам у свет моды, гастраноміі, мастацтва, архітэктуры і навукі. Вывучаць французскую мову — значыць мець доступ да арыгінальнай версіі тэкстаў такіх вялікіх аўтараў, як Віктор Гюго і Марсэль Пруст, Шарль Бадлер і Жак Прэвер, слухаць славутых акцёраў Алена Дэлона ці Жульет Бінош… Гэта, нарэшце, атрымліваць задавальненне ад песень Эдзіт Піяф і Шарля Азнавура.

Францыю наведваюць часцей за іншыя краіны ў свеце (каля 79 млн турыстаў у год). Вывучаць французскую мову — значыць павялічыць шанс наведаць Парыж і ўсе рэгіёны Францыі (напрыклад, пяшчотны Лазурны Бераг каля падножжа беласнежных Альпаў, дзікія пейзажы Брэтані), а таксама зразумець культуру, менталітэт і мастацтва жыць па-французску. Французская мова будзе карыснай таксама, калі вы захочаце павандраваць па Афрыцы, Швейцарыі, Канадзе, Манака, наведаць Сейшэльскія астравы…

Французская мова адначасова з’яўляецца рабочай мовай і адной з дзвюх афіцыйных моў ААН, ЮНЕСКА, Еўрасаюза, Міжнароднага алімпійскага камітэта, Міжнароднага Чырвонага Крыжа. А таксама гэта мова многіх міжнародных юрыдычных устаноў. Вывучаць французскую неабходна кожнаму, хто плануе сваю кар’еру ў міжнародных арганізацыях. Пасля англійскай і нямецкай, французская — трэцяя мова, якая выкарыстоўваецца ў інтэрнэце.

Вывучаючы французскую мову, убачыш свет іншымі вачыма, атрымаеш магчымасць стасункаў з франкафонным насельніцтвам на ўсіх кантынентах, а таксама інфармацыю на французскай мове дзякуючы міжнародным СМІ (TV5, France 24 , Radio France Internationale).

Французская мова — аналітычная мова, якая выбудоўвае думку і развівае крытычны розум. Гэта мова вялікіх філосафаў (Дэкарт, Сартр, Дарыда) і вучоных (П’ер і Мары Кюры, Пастэр, Жорж Шарпак). Вывучаючы французскую, адначасова дзіця вучыцца аргументаваць і ўяўляць розныя погляды, што вельмі карысна ў дыскусіях ці перагаворах.

Абвяргаючы сфарміраваную думку, скажу, што французская мова нескладаная ў вывучэнні. Яна патрабуе некаторай дакладнасці, але яе багацце дазваляе выказваць мноства нюансаў, і ўжо пасля некалькіх урокаў можна навучыцца размаўляць на французскай. Для вывучэння французскай мовы існуюць шматлікія метады пачынаючы з першых гадоў навучання ў школе. Французскую любяць навучэнцы, бо гэта мяккая, меладычная і рамантычная мова.

Ведаючы французскую, лягчэй вывучаць іншыя мовы не толькі лацінскага паходжання (іспанская, італьянская, партугальская і румынская), але і англійскую, таму што французская ўзяла больш як 50% англійскай лексікі.

Навучэнцы могуць весці перапіску з дзецьмі свайго ўзросту на французскай мове. Магчымасці разнастайныя: праз пошту ці інтэрнэт. Дзейнічае супрацоўніцтва паміж французскімі школамі і школамі ўсяго свету, што дазваляе наладжваць сувязі з адукацыйнымі сеткамі па ўсім свеце.

Размаўляць на французскай мове — значыць абараняць лінгвістычную разнастайнасць у свеце і пазбягаць эксклюзіўнага распаўсюджання адзінай мовы ў глабальным свеце.

Валянціна ВЫСОЦКАЯ,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы,
настаўніца французскай мовы
гімназіі № 1 Горак.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 2